ЧЫРВО́НАЕ ЗРУШЭ́ННЕ,

павелічэнне рэгіструемых назіральнікам даўжынь хваль λн эл.-магн. выпрамянення ў параўнанні з іх значэннямі λк ва ўласнай сістэме адліку крыніцы выпрамянення; зрушэнне ліній у бок чырвонай часткі спектра.

Узнікае ў выніку Доплера эфекту ці гравітацыйнага зрушэння. Характарызуецца велічынёй z = (λн − λк)/λк. Абумоўленае эфектам Доплера Ч.з. ўзнікае пры аддаленні крыніцы выпрамянення ад назіральніка (прыёмніка). У прыватнасці, з-за расшырэння Сусвету ў спектрах галактык і квазараў назіраецца касмалагічнае Ч.з. Рэкорднае (2002) вымеранае значэнне ζ для квазараў складае 6,28, для галактык — 6,56. Найбольшае касмалагічнае Ч.з. мае рэліктавае выпрамяненне. Гравітацыйнае Ч.з. ўзнікае, калі прыёмнік знаходзіцца ў вобласці з меншым гравітацыйным патэнцыялам, чым крыніца выпрамянення. Яно назіраецца ў спектрах Сонца і інш. зорак. У 1959 упершыню было вымерана Ч.з., выкліканае гравітацыйным полем Зямлі.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)